Выцінанка, што гэта.

13.11.2016

Выцінанка, што гэта.

_DSC5429-1600 

Выцінанка – народнае мастацтва выразання з паперы. На Беларусі пачало развівацца з 17 стагоддзя, адначасова з вытворчасцю паперы ў нашых землях. Спачатку, пакуль папера была яшчэ матэрыялам экзатычным, выразаннем займалася шляхетнае саслоўе. Найбольш частымі матывамі ў шляхты былі сілуэтныя партрэты і сюжэтныя карціны. Напрыканцы ж 19 стагоддзя выцінанка набывае шырокі распаўсюд сярод сялянства. У гэты час наоўгул адбываецца сапраўдная рэвалюцыя інтэр’еру беларускай сялянскай хаты, што на думку некаторых даследчыкаў звязана з пераходам ад курных хат да так званых “чыстых”. Адной з рысаў гэтай рэвалюцыі як раз і стала пашырэнне самаробных папяровых карункаў, якімі пачалі ўпрыгожваць іконы, вокны, вертыкальныя і гарызантальныя паверхні мэблі, а таксама беленыя сцены.

_DSC5467-1600
Корань, ад якога ўтворана слова “выцінанка”, сустракаецца таксама ў беларускіх словах “сцяць” (ссячы, адрэзаць), “адцяць” (адпілаваць, адсячы), “выцяць/вытнуць” (моцна ўдарыць). Цікава пры гэтым, што кішэнны ножык па–беларуску называецца сцізорыкам. Тут відавочнае падабенства у тым ліку з англійскім словам scissors (нажніцы).
Натуральна, што беларусы развівалі свой выцінанкавы стыль не на пустым месцы. Хоць і адносна малады, гэты від мастацтва відавочна перагукаецца з даўнейшымі традыцыямі народнага тэкстылю: матывамі ткацтва і вышыўкі. Адзін з такіх “спадчынных” матываў — сіметрычнае дрэва з парнымі істотамі паабапал. У пазнейшыя часы істоты гэтыя замацаваліся ў форме птушак, раней жа імі маглі выступаць самыя розныя звяры і фантастычныя персанажы. Сімвал жа Дрэва, якое служыць воссю, сам па сабе з’яўляецца адным са стрыжняў беларускай традыцыйнай культуры. Вобраз гэтага дрэва можна знайсці ў мностве песень, прымеркаваных да любых кропак абрадавага календара. Парныя ж птушачкі у сучасным прачытанні з найбольшай верагоднасцю будуць сімвалізаваць сямейную сутворчасць, узаемнае развіццё жыцця.
Канешне, у сённяшнім інтэр’еры папяровыя ўпрыгожанні неактуальныя. Адным з накірункаў захавання і развіцця багатай эстэтыкі беларускай выцінанкі стала яе перанясенне на іншыя матэрыялы.
Аўтар выцінанак на прадстаўленым камплекце мэблі — Галіна Рудніцкая.

_DSC5415

Максім Гінтаў.

Оставить отзыв

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

  • 18 − 4 =